Гісторыя

18 ліпеня 1949 года рашэннем Ашмянскага РВК была адкрыта гарадская бібліятэка. Першай загадчыцай стала Іванова Ксенія Андрэеўна. Бібліятэка знаходзілася ў непрыстасаваным памяшканні на вул. Савецкай, займала адзін пакой.

Першапачатковы фонд налічваў 480 экз. кніг. У першы год работы змянілася некалькі загадчыкаў, ніхто з іх не меў спецыяльнай бібліятэчнай адукацыі.

У 1950 годзе пасля заканчэння Мінскага бібліятэчнага тэхнікума ў бібліятэцы пачала працаваць Красоўская Валянціна Яфімаўна. Загадвала бібліятэкай да 1961 года. Яна стала сапраўдным арганізатарам бібліятэкі. Была праведзена работа па зборы кніг сярод насельніцтва, у выніку чаго значна папоўніўся кніжны фонд. У 1952 годзе бібліятэка перабралася ў больш зручнае для абслугоўвання чытачоў памяшканне, якое складалася з 3–х пакояў, дзе размясціліся абанемент, чытальная зала, кнігасховішча. Значна ўзрасла колькасць чытачоў. На 01.01.1955г. кніжны фонд бібліятэкі складаў 8,4 тыс. экз., колькасць чытачоў — 1 тыс., кнігавыдача -12,5 тыс.экз.

З дзяржаўнага бюджэту выдзяляліся значныя грашовыя сродкі на развіццё бібліятэчнай справы ў раёне. Хуткімі тэмпамі папаўняўся фонд гарадской бібліятэкі, штогод паступала кніг ад двух да трох тысяч экз. Па падпісцы бібліятэка атрымоўвала больш 60 назваў перыядычных выданняў.

У 1970 годзе фонд бібліятэкі павялічыўся да 27,5 тыс.экз., абслугоўвалася 2,4 тыс. чытачоў. Штат бібліятэкі налічваў 5 чалавек.

Вялікая ўвага надавалася масавай рабоце. У РДК і кінатэатры праводзіліся агульнагарадскія чытацкія канферэнцыі, літаратурныя і тэматычныя вечары, вусныя часопісы.

Бібліятэкары самастойна апрацоўвалі новыя паступленні, шмат часу ўдзялялі працы з каталогамі і картатэкамі, інвентарнымі кнігамі. Рух фонду быў даволі інтэнсіўным.

Супрацоўнікі бібліятэкі актыўна ўдзельнічалі ў грамадскім жыцці: з’яўляліся членамі гурткоў мастацкай самадзейнасці, чыталі лекцыі па лініі таварыства “Веды”, удзельнічалі ў спартыўных спаборніцтвах. Калектыў вызначаўся высокай працаздольнасцю і адказнасцю за даручаную справу.

З 1973 да 1975 года гарадской бібліятэкай кіравала Клінцэвіч Аляксандра Сяргееўна. За гэты перыяд яшчэ больш узраслі колькасныя паказчыкі работы. Абслугоўвалася 3,2 тыс. чытачоў, кнігавыдача склала 63 тыс. экз., колькасць наведванняў – 23 тыс. Павялічылася колькасць заказаў па МБА. Калі ў 1970 годзе МБА карысталася 64 чал., то ў 1975 г. — 156.

У выніку цэнтралізацыі у 1976 годзе гарадская бібліятэка набыла статус гарадскога філіяла №1 Ашмянскай ЦБС, дзе працаваў 1 бібліятэкар –Шляхціч Любоў Міхайлаўна (1976-1981). Зменшыўся фонд бібліятэкі -7,8 экз. (большая частка была перададзена раённай цэнтральнай бібліятэцы), абслугоўвалася 700 чытачоў. Бібліятэка атрымала невялікае памяшканне (42 м2). Да 1985 года не было чытальнай залы. У 1985 годзе бібліятэка атрымала большае памяшканне (88м2) у тым жа будынку на вул. Савецкай, 2. З’явілася невялікая чытальная зала на 8 месцаў. Штат павялічыўся да 2-х чалавек. Была адкрыта перасоўка ў інтэрнаце ільнозавода.

Асноўныя напрамкі работы бібліятэкі на сучасным этапе – індывідуальная работа з чытачамі, прапаганда беларускай і краязнаўчай літаратуры, патрыятычнае  выхаванне, прапаганда літаратуры па здаровым ладзе жыцця.

Бібліятэка ўсё больш набывае статус бібліятэкі сямейнага чытання, сюды прыходзяць запісвацца сем’ямі: бацькі з дзецьмі, бабулі з унукамі. Тут можна адпачыць і з карысцю правесці час: напісаць рэферат або паведамленне, прагледзець любімыя часопісы, пазнаёміцца з навінамі дзіцячай літаратуры, прыняць удзел у розных мерапрыемствах па сямейным выхаванні: дыскусіі-дыялогі, сямейныя конкурсы, дыспуты, гадзіны цікавых паведамленняў. Бібліятэка працуе ў цесным кантакце са школамі горада, раённай дзіцячай бібліятэкай.

З 2005 года пры бібліятэцы працуе клуб “Сямейны савет”. Раз у два месяцы збіраюцца ўдзельнікі аб’яднання, дарослыя і дзеці, каб абмеркаваць актуальныя пытанні сямейных узаемаадносін. Цікава прайшлі пасяджэнні: “Сям’я: якой яна павінна быць”, «Если хочешь быть здоров – будь, это правильный путь», «Где любовь да совет, там и горя нет» і інш.

У той час, калі на працягу апошніх гадоў бібліятэка мала камплектуецца новымі кнігамі, кола яе чытачоў не змяншаецца, а павялічваецца. Гэтаму садзейнічае створаны ў 2003 годзе абменны чытацкі фонд, які налічвае на 1.01.2017 г. каля 2000 экз. Вядзецца пошук дадатковых крыніц фінансавання: аказваюцца платныя паслугі і на гэтыя сродкі камплектуецца камерцыйны фонд. На пачатак 2017 г. ён складае 150 экзэмпляраў дакументаў. Перыядычна шляхам анкетавання вывучаецца чытацкі попыт на камерцыйную літаратуру.

Экалогія – адзін з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці бібліятэкі. Выкарыстоўваюцца такія формы работы, як урокі экалагічных ведаў “Сюрпрызы лясной сцяжынкі”, экалагічныя чытанні “Зімовыя партрэты дрэў”, “Не спяваюць птушкі без неба”, пазнавальныя хвілінкі “Экалагічная азбука”, конкурсы выразнага чытання “Восень лісцем шапаціць”, кніжныя выставы “Зялёная аптэка”, “Экалогія чалавека ў сучасных умовах” і іншыя.

Праводзяцца цікавыя мерапрыемствы, накіраваныя на асэнсаванне гістарычнага шляху беларускага народа: дэкады да Дня беларускага пісьменства і друку, у праграме якіх віктарыны, літаратурныя гадзіны, гістарычныя ўрокі: “Як да нас прыйшла кніга”, “Вялікія і славутыя людзі беларускай зямлі”, “Слова ў абарону беларускай мовы”.

Пасля набыцця 2-х камп’ютараў чытачы маюць магчымасць карыстацца інтэрнетам, электроннай поштай. Да іх паслуг ксеракс, сканер.

У 2008 годзе бібліятэка пераехала ў суседні будынак, у памяшканне Ашмянскай школы-інтэрната. Павялічылася плошча бібліятэкі. Да паслуг чытачоў прасторны абанемент, чытальная зала, кнігасховішча.

З 1991 года ў бібліятэцы працуе Зарэцкая Людміла Аркадзьеўна. У 2008 годзе яна стала  загадчыкам гарадской бібліятэкі. Бібліятэкарамі працуюць Кімса Ядзвіга Казіміраўна і Ізбіцкая Ірына Сямёнаўна.

Значны ўклад у развіццё бібліятэкі на працягу ўсёй яе дзейнасці ўнеслі супрацоўнікі: Бухоўская Аляксандра Уладзіміраўна, Рагінская Кацярына Адамаўна, Гарлуковіч Кацярына Генадзьеўна.  Швец Вольга Вітальеўна, Калыбіна Алена Аркадзьеўна. Яраш Канстанцін Валянцінавіч, Васілеўская Вераніка Канстанцігаўна.

Обсуждение закрыто.